Чаму нам здаецца, што Ігнат Абдзіраловіч, пішучы блізу 100 гадоў таму, глядзеў наўпрост у наш час? Ці то беларусы вось толькі цяпер даспелі да па-надчасавага сумоўя з ім, ці то гэта па-надчасавая Беларусь зводзіць сваіх творцаў у вольным сумоўі – і вось мы несвядома апынуліся з ім твар у твар ды мусім цяпер ацаніць свае чыны, жаданні, ідэі ды мроі паводле ягонай шкалы каштоўнасцей? Антон Луцкевіч казаў пра Абдзіраловіча: “Быццам дыямент цудоўны, дзіўным хараством гарэла Яго душа сярод жыццёвага бруду, маны, крывадушнасці”. І вось цяпер мы глядзім на сябе, на сваё жыццё, на сваю краіну скрозь гэты дыямент. Мы ўслухоўваемся ў ягоныя словы – і чуем, як пульсуе, яшчэ не народжаная, але ўжо памысленая, нашая супольная будучыня, дзе свабода асобы вынікае з неад’емнага права і патрэбы няспыннай творчасці, з безумоўнай павагі да пошуку і самапраяваў іншых – а свабода краіны і развіццё грамадства непазбежна вынікаюць з супольнага выбару людзей.
Hide player controls
Hide resume playing