Як жа ціхамірна ды лагодна бывае на рэчцы! Потым нават цяжка ўзгадаць усе тыя водары, гукі ды летуценні, якімі набрыняюць летнія ўспаміны і ўражанні. То злавіўшы пах угрэтага сонейкам бяссмертніку, зноўку захочацца ў дзяцінства да бабулі, якая яго збірала, то, пачуўшы знаёмы булькочучы ўсплёск галаўня, уяўляюцца нядаўнія вячоркі на духмяных берагох ля сціплага цяпельца, запаленага не дзеля сугрэву, а каб убачыць чароўнае мігаценне жарынак ды паслухаць шапаценне прысака. Ля стромкага жаўтапёса, ускрай верасовага кустоўя, лесавік шчодра рассыпаў крапкі брусніц. Закінуўшы ў рот жменьку ўжо пераспелых ягад ды павітаўшыся з дзяцюком-баравічком, шчасна выходжу на сонечны ўзлесак. Тут ужо можна рыхтавацца да сустрэчы з галавачом. Немаведама, дзе яна адбудзецца, і ад неспадзяванага прадчування ажно прыемныя дрыжыкі бяруць. Вось, напрыклад, збуцвелы, але шчэ кашлаты бадняк, алешына мабыць. Досыць прытульнае жытло для драпежнікаў атрымалася. Пазней яго мусіць заняць шчупак, зараз жа ў вычварным сутарэнні галля ды каранёў можа цікаваць галавень, гатовы швыдка скокнуць са схоўні за недарэкай-жужлікам, што быццам бразнуўся на ваду. Вось такая гожасць уяўляецца мне, пакуляка я дбайна шпурляю прынаду пад тую завалу. А калі з думкамі пра магчыма апошні закід перастаў прынаду пільнаваць, адначасова і пачуў, і адчуў “вітанку” ад мажнага галавача. Прыгажун засекся сам, заставалася толькі зайсці ў лагодную ваду, каб адчуць у руцэ зграбнасць пульсуючага рыбінага стану. Патрывай жа трошачкі, небарака, неўзабаве паплывеш дадому. Спадзяюся, усё з табой будзе добра. Як і ўвогуле ў свеце, на рэчцы ды ў нашым жыцці…
Hide player controls
Hide resume playing