Паэма “Новая зямля“ не выпадкова лічыцца энцыклапедыяй сялянскага жыцця. На яе старонках аўтар па-майстэрску, з веданнем справы апісаў побыт, працу, занятак селяніна, расказаў пра сялянскія будні і святы. А яшчэ гэты твор лічаць энцыклапедыяй беларускай прыроды. Ні ў якім іншым творы так падрабязна і дэталёва не апісаны луг, поле, лес, прычым, у розныя поры года. Чытаеш паэму і ствараецца ўражанне, што сапраўды пабываў у кожным з апісаных аўтарам куточкаў. Каб даказаць, якое вялікае патрыятычна-выхаваўчае значэнне мае паэма, не лішне прыгадаць аб ёй словы Я. Брыля ў нарысе “Мой родны кут...“: “Бачыў я тады - пакуль што адзін раз у жыцці, - як самы просты, ледзь пісьменны чалавек плакаў над кнігай паэзіі. Не забыцца пра той журботны, цьмяны прадвясновы дзень, пра прасвятлелы воблік шэрага рабацягі, які, чытаючы ўголас, па складах, трымаўся, як дзіця за бацькаву руку, парэпаным пальцам за кожны радок - каб, не дай Бог, не разлучыцца з тым родным светам, без якога так натамілася, так збалела яго шчырая душа!“
Hide player controls
Hide resume playing