У розныя часы мастакі аддавалі перавагу жыццю на Міншчыне ў далечыні ад шэрых гарадскіх кварталаў, як напрыклад, вялікія жывапісцы ХІХ – пачатку ХХ стст. Апалінарый Гараўскі, Фердынанд Рушчыц і інш. У савецкі час сітуацыя цалкам змянілася. Для выканання буйных дзяржаўных заказаў мастакі пацягнуліся ў гарады. І да сёняшняга дня па раней усталяванай завядзёнцы большасць беларускіх мастакоў жыве ў сталіцы. Толькі адзінкі трывала звязалі свой лёс з малой радзімай, з мясцінамі дзяцінства, дзе чэрпаюць натхненне і знаходзяць праўдзівую тэматыку для сваіх твораў. Да такіх першапраходцаў рэгіянальнага жывапісу належыць мастак з Уздзеншчыны Іван Аляксандравіч Салавей (1918-1988). У 1938 г. ён паступіў у славуты Віцебскі мастацкі тэхнікум, сапраўдную кузню творчых талентаў. Яго настаўнікі: Іван Ахрэмчык, Хведар Даркевіч, Леў Лейтман -- прызнаныя класікі беларускага мастацтва ХХ ст. Іх таленавіты вучань з Уздзеншчыны ўсё сваё творчае жыццё прысвяціў развіццю выдатнага жывапіснага метаду, які дазваляе абагульняць пры дапамозе шырокага ўзмаха пэндзалем непасрэдныя жыццёвыя ўражанні, адлюстроўваць маляўнічыя з’явы народнага жыцця.
Hide player controls
Hide resume playing