«ВЕРАБЕЙ» – гэта адзін з найбольш старажытных, традыцыйны зааморфны танец, быў распаўсюджаны ў Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласьцях і звычайна выконваўся на вясельлях. Мае шмат карагодных варыянтаў, з якімі цесна зьвязаны (кругавая пабудова, імітацыя рухаў вераб'я, суправаджэньне прыпеўкамі). Для «Верабʼя» існуе шмат варыянтаў прыпевак: Верабей – 1 Верабей, верабей, Не клюй канапель. А ў тога вераб’я маленечка жонка, Сядзіць на калочку, Прадзе на сарочку. Як выведзе нітку, Дык пашые сьвітку. Астануцца канцы, Дык пашые штаны. Верабей – 2 Верабейка, верабей, Не клюй маіх канапель, Бо я тому вераб’ю Колам ногі пераб’ю. Верабейка скача, Па ножачцы плача. А на тую ножку Я куплю панчошку. А ў тога вераб’я Маленечка жонка. Сядзіць на калочку Прадзе на сарочку. Як выведзе нітку, Дык пашые сьвітку. Астануцца канцы, Дык пашые штаны. Верабей – 3 Верабей, верабей, Не клюй канапель. А я гэтаму вераб’ю Колам ногі пераб’ю. Верабейка скача, Па ножачцы плача. А ў тога вераб’я Жонка маленька. Сядзіць на калочку Прадзе на сарочку. Як выведзе нітку, Дык пашые сьвітку. Астануцца канцы, Дык пашые штаны. Едзе, едзе мой таварыш ды пытае: - Што ты варыш? - А я рыбку вару, - Па кусочку дзялю. - У каго рыжа барада – - Таму юшкі шкада. - У каго чорны вусок – - Таму рыбкі кусок. (Гомельская вобл. На калядную куцьцю) З БНТ «Дзіцячы фальклёр» Верабей – 4 Як задумаў верабей Хутка ажаніцца, Сладкіх рэчаў скаштаваць І мёду напіцца. Скочыў шчыгол да шаста Коньмі варанымі, Чаго трэба накупіў, Плаціў залатымі. Воран асьманоў выдаў, Назад павярнуўся. -Масці пане верабей, Да шлюбу гатуйся. Запрагайце шэсьць пар коні І паезд шырокі, Я паеду ў залеты Да пані сарокі. Пярун, качар і гусак Коньмі праткавалі, Два індыкі за ім усьлед Песенькі сьпявалі. -Масці пане верабей, Хутка пасьпяшайся, Хаця з сваім мілым другам Хораша вітайся. Верабей – 5 Як паставіў верабейка На сьметнічку хату Ды сазваў на навасельле Госцейкаў багата. Піва, квасу наварыў, Квашанінкі настудзіў, Насмажыў кілбасаў І ўсякага мяса. У залачонай карэце Дзяцел пад’язджае, А за дзятлам на валах Жоўна пасьпяшае. А зязюля з шуляком, Перапеліца з круком Лугам, даліною Шпараць пехатою. Заклікае верабейка Усіх госьцейкаў есьці, Запрашае белу лебедзь На покуці сесьці. А з лебедзю – жураўля, І савішчу, і луня, І стару чачотку, Сваю родну цётку. Сядзіць мядзьведзь на калодзе, На скрыпачцы йграіць, Дзіцяняты-медзьвядзяты Струны напраўляюць. Як зайгралі «дылі-дылі», Госьці ў далоні білі, - Адзін дзіваваўся, А другі сьмяяўся. Шчыгель важна пахаджае, Цаплю ў танец просіць, Галка піва налівае, У ўдод разносіць. За здароўе вераб’я Пілі, елі аж два дня, А бацян упіўся Ды пад стол зваліўся. (в. Крывічы Старобінскага р-ну, 1946)
Hide player controls
Hide resume playing