Myvideo

Guest

Login

Каментар Ігара Барысава сувязі з ліквідацыяй БСДП

Uploaded By: Myvideo
1 view
0
0 votes
0

Дарагія ўсе! Прыйшоў час і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) На жаль, БСДП больш не мае афіцыйнага статусу і суб’ектанасці ўнутры Беларусі, каб як палітычны суб’ект рэалізоўваць свае палітычныя мэты, прапагандаваць свае каштоўнасці і маляваць бачанне вобраза будучай Беларусі, вылучаць сваіх прадстаўнікоў назіральнікамі на выбарчыя ўчасткі, у склад выбарчых камісій, а таксама кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў і Палату прадстаўнікоў. Менавіта гэта адрознівала палітычную партыю ад іншых грамадскіх арганізацый і ініцыятыў грамадзян. Рашэнне аб ліквідацыі прыняў Вярхоўны суд пасля зменаў у закон “Аб палітычных партыях”, якое прынялі работнікі парламента. Выканаць змены новай рэдакцыі закона было немагчыма. Пытанне не ў колькасці сябраў, ці структур. Лічбы падаваемыя намі ў Мінюст былі мінімальнымі. Пытанне ў бяспецы нашых сябраў, нашых мэтах, прынцыпах і каштоўнасцях, якія мы не маглі ўжо рэалізоваць. Чаму так сталася і ці можна гэтага было запабегчы? Адказваючы на гэта пытанне можна сказаць, што беларуская дзяржаўная сістэма не мае стрымак і проціваг і таму рашэнне прадстаўніка выканаўчай улады не можа рэзаніраваць з рашэннямі заканадаўчай і судовай улады. Для беларускай сістэмы такое размежаванне толькі фармальнае, бо на справе няма ніякага размежавання. Беларуская палітычная сістэма не з’яўляецца ўстойлівай. Бо кожныя прэзідэнцкія выбары, а дакладней цэрымонія па прадаўжэнні свайго існавання, якая не спалучаецца з падлікам галасоў, для яе шок. Адсюль і масавыя пратэсты 2006, 2010 і 2020 гг. Беларускі рэжым не прагрэсіўны: ён мысліць савецкімі наратывамі, не прызнае беларускае нацыянальнае, не паважае правы чалавека і прынцып вяршэнства права, недатыкальнасць прыватнай уласнасці, распраўляецца з палітычнымі апанентамі. Яго эканамічная мадэль – гэта прысоска да расійскай эканомікі, яе рынкаў збыту і энерганосьбітаў. Беларускі рэжым адмаўляе агульначалавечы трэнд вяршэнства закона, рынкавага развіцця з моцнай сацыяльнай абароны сваіх грамадзян. Ён робіць усё магчымае, каб зрабіць з беларуса чалавека абыякавага, несвабоднага і палітычна аморфнага. Пры гэтым ён не можа гарантаваць ні годных заробкаў, ні сапраўднай сацыяльнай абароны грамадзян. Пенсійная сістэма, сістэма адукацыі і аховы здароўя, сістэма працоўных адносінаў – слабыя месцы беларускага рэжыма ў якім пры яго далейшым існаванні будзе толькі дэклараваны дабрабыт, а людзі будуць не жыць, а выжываць, на фоне крычашчых прапагандысцкіх лозунгаў. Беларускі рэжым – персаналісцкі і любое рашэнне – ці тое стандарт аб форме бульбы, ці тое рашэнне аб скасаванні рэгістрацыі палітычнай партыі прымае той, хто яго ачольвае. 29 год такога няспыннага кіравання – гэта факт, аб якім варта задумацца беларусам і ніколі не ставіць на асобу, а выбіраць калектыў, якім можа выступаць палітычная партыя. У адваротным выпадку нас зноўку можа чакаць дыктатура. 120 год таму з’явілася першая беларуская нацыянальная партыя – Беларуская Сацыялістычная Грамада. Яе сацыял-дэмакратычны калектыў праіснаваў 21 год і спыніў працу на фоне нарастаючага ціску бальшавікоў. Але дзякуючы сацыял-дэмакратам паўстала БНР і шмат хто з іх працаваў над стварэннем ССРБ. Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), якая дэкларавала сваю пераемнасць БСГ у навейшай гісторыя праіснавала 32,5 гады. Гісторыя паўтарылася зноўку – на фоне контррэвалюцыі, рэпрэсій і ў адсутнасць выбараў працаваць немагчыма. Але гэта не канец. Пакуль ёсць наш калектыў і людзі, якія вераць у будучую дэмакратычную Беларусь, у яе сацыял-дэмакратычны выбар, мы як фенікс паўстанем з попелу рашэння Вярхоўнага суда аб пазбаўленні нас рэгістрацыі. Грамада жыла, жыве і будзе жыць вечна, бо Беларусь для сацыял-дэмакратаў перадусім! Верце, што на беларускіх вуліцах вы яшчэ пачуеце кліч “Жыве Беларусь!” Набраўшы ў грудзі паветра – не забудзьце адказаць: “Жыве вечна!”, бо дыктатуры прыходзяць і суходзяць, а народы і нацыі надоўга, спадзяюся - навечна!

Share with your friends

Link:

Embed:

Video Size:

Custom size:

x

Add to Playlist:

Favorites
My Playlist
Watch Later