Ты, верная, не спала па начах. Плылi перад вачыма карцiнкi з выстаўкi ўнiз па цячэннi Леты. Ты ў соты раз заходзiла ў раку, вылоўлiвала згадкi, а яны цяклi скрозь пальцы. Тваё жыццё — то плыткi, то глыбокi сум плюс сума папярэднiх жыццяў. Ты, шчырая, свайго iмя ў газетных загалоўках баялася. Цi шчасце жыць з распранутай душой? Яна сатканая з пяшчоты, бы скура немаўляцi, i мае дзiўнаваты прысмак цi то крывi, цi то сакуры. А насамрэч смак вершаў, бо слова стала тваiм целам. Ты, чыстая, — скарбонка яго пажадных позiркаў, ледзь заўважных дотыкаў i няўлоўных подыхаў, разменьваеш свой свет на медзякi, не чакаючы падзякi, толькi таму, што з глыбiнi яго вачэй на цябе глядзiць заспаная свабода.
Hide player controls
Hide resume playing