Myvideo

Guest

Login

Лёгкая снасць і моцныя шчупакі. Відэанарыс з красавіцкага Нёмана

Uploaded By: Myvideo
282 views
0
0 votes
0

Перад тым, як распачаць лоўлю шчупака – адпаведнай снасцю ды прынадай, вырашыў спачатку раз-другі прайсціся па Нёмане з лёгкім спінінгам. Можна сказаць, натхніўся папярэднім шпацырам па адным з яго прытокаў, дзе трапляліся добрыя акуні, а таксама было пару дзяўбуноў галаўня. Ды і ўвогуле сёлетняй вясной захапіла вуджэнне менавіта далікатнай снасцю. Раней я “лайт” з “ультралайтам” адводзіў пераважна для вадаёмаў, а на рэчках гэтым часам шукаў шчупака. Але ж разнастайнасць улову, тым больш з трафеямі, ды задавальненне ад карыстання лёгкім вудзільнам зрабілі так, што цяперака і на раку першасна хочацца ісці з такой снасцю. Я і раней сутыкаўся з тым, што нават калі рыбаліш ля сутокаў “дарослай” ракі і яе прытока, то на іх могуць трапляцца розныя рыбы, але ў той раз быў сапраўды здзіўлены. Не тое, каб я і тут чакаў галавачоў – усё-ткі на гуму гэтая рыба больш выпадковая, а вось на добрых акунёў спадзяваўся. Але ў выніку здолеў дастаць з нёманскай вады ўсяго аднаго акуня, якога нават назваў бы дробным. Увесь астатні час мае маленькія сіліконавыя прынады вабілі шчупакоў, падпільноўваючы іх у самых розных мясцінах. Першы злоў адбыўся каля ўваходу ў зусім малую старыцу, нават, хутчэй, завоіну. Плыткаводдзе той мясціны не дазваляла зрабіць якасную ступеньчатую праводку са звыклым 5-грамовым грузікам, і я змяніў яго на 3 грамы, прычапіўшы і менш аб’ёмную прынаду: вузкі вібрахвост. Яго адразу і схапіў добры шчупак! Далей абкідваў прывабную выспачку амаль пасярод рэчышча, таксама на невялікай глыбіні – там ладны зубацік паквапіўся на 2-цалёвага сіліконавага рачка. Падняўся падшыванец да паверхні, убачыў мяне ды неўзабаве сышоў. Далей цікавыя падзеі разгортваліся ля рачной павароткі са стромкім берагам-урвішчам. Спачатку меркавана шчупак выявіў сябе добрым дзяўбуном і сцягнутай прынадай. Намагаючыся яго далавіць, здолеў падсекчы моцную рыбіну, але не даў рады не тое што дацягнуць да берага, а нават доўга патрымаць: шчупак уцёк, бо разагнуў гаплік. Я ж кажу – снасць далікатная, так бы мовіць, акунёвая. Паглядзеў на гэткія мае мітрэнгі Вадзянік ды вырашыць падаслаць ужо не такіх буйных шчупакоў – каб хоць неяк пацешыць крыху засмучанага вудара. Пару невялікіх стракатых драпежнікаў на бераг паспяхова дастаў. Ну а завяршылася красавіцкая вандроўка па Нёмане сапраўднай прыгодай: хвалюючым выважваннем рыбіны за 3 кілаграмы вагой. Справа была на высокім беразе, таму давялося з ёй паваждацца не толькі праз лёгкі спінінг. Але ўсё-ткі здолеў завесці зубатага ў вузкі калідор, што зрабілі бабры да свайго кубла. Шкада толькі, што нейкая шкодная кропля неспадзяванага дажджу трапіла на мікрафон камеры, і сапсаваны гук ніяк не атрымалася выправіць. Таму пабачыць вам сябры, прыйдзецца, як той казаў, толькі сам працэс, ды шчэ пасузіраць прыгожы красавіцкі захад Сонца. А пра цудоўныя вясновыя спевы птушак ды фрыкцыёна катушкі, шнур з якой раз-пораз намагаўся сцягнуць той упарты шчупак, давядзецца пачуць з маіх слоў. А шчэ як угаворваў тую рыбіну плысці назад у раку па суседняй бабровай сцежцы...

Share with your friends

Link:

Embed:

Video Size:

Custom size:

x

Add to Playlist:

Favorites
My Playlist
Watch Later