Прэм’ерамі Нацыянальнай акадэмічнай сцэны, пасля летняга адпачынку, цікавілася Ганна Савуткіна. Новы тэатральны сезон для гледачоў купалаўцы распачнуць 4 верасня, традыцыйна - легендарнай “Паўлінкай“. Напярэдадні акцёры правялі сход трупы - пачалі з хвіліны маўчання ў памяць аб стваральніках тэатра. Затым - віншаванне юбіляраў, тых, хто працуе ў Купалаўскім ўжо больш за сорак гадоў: Марыя Зінкевіч, Галіна Арлова, Ала Доўгая, Ніна Піскарова. Дарэчы, старэйшае пакаленне купалаўцаў дасць прэм’еру - спецыяльны сцэнарый ужо ў распрацоўцы. (Уладзімір Рылатка, першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь: “Купалаўскі тэатр смела заявіў аб рэпертуарнай праграме і я так думаю недзе ў снежні выйдзе першы праграмны спектакль“.) (Павел Палякоў, генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы: “Самая важная задача, якую мы перад сабою ставім - гэта захаванне таго калектыву, які быў створаны тут дзесяцігоддзямі. Тэатр - гэта не будынак, а калектыў“.) У трупе папаўненне - у штатным раскладзе два новыя прозвішчы. Вольга Скварцова, вядомая публіцы па ўласным праекце “Д.О.З.С.К.І.“ і як харэограф-пастаноўшчык шматлікіх спектакляў сталічных тэатраў. Побач - Арцём Бародзіч. Кар’еру пачынаў у Нацыянальным коласаўскім тэатры ў Віцебску. (Арцём Бародзіч, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы: “Я прыехаў сюды па творчае развіццё і каб павысіць сваю планку акцёра. Паглядзім, як у мяне гэта атрымаецца“.) (Мікалай Пінігін, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы: “У нас быў у свой час такі акцёр Раман Філіпаў. Маладыя яго не памятаюць. Я думаю, у нас з’явіўся нібыта яшчэ адзін Раман Філіпаў“.) Шэсць прэм’ераў купалаўцы плануюць у новым сезоне. © Белтэлерадыёкампанія, 2000-2009
Hide player controls
Hide resume playing