Падзеі ў п’есе адбываюцца ў хаце Крыніцкіх у два восеньскія вечары. У першы зь іх Паўлінка, пакуль не вярнуліся з рынку яе бацькі — Сьцяпан і Альжбэта Крыніцкія, — сустракаецца са сваім каханым, настаўнікам Якімам Сарокам. Пасьля іх вяртаньня неўзабаве ў хату заяўляюцца сваяк Пранцысь Пустарэвіч з жонкай Агатай, якія прымаюць актыўны ўдзел у падзеях. Назаўтра, пасьля кірмашу, ў Крыніцкіх ладзіцца вечарынка. Акрамя Пустарэвічаў, сюды прыходзіць фанабэрлівы шляхцюк Адольф Быкоўскі, што зьбіраецца сватацца да Паўлінкі, і іншыя госьці. У цэнтры падзей — разумная, дасьціпная, вострая на язык Паўлінка. Вольналюбівая, яна здольная пастаяць за сябе, за сваё каханьне, ідзе ў жыцьцё самастойнай дарогай. На шляху закаханых стаяць патрыярхальныя, кансэрватыўныя сілы. І хоць нялёгка Паўлінцы процістаяць гэтым звычаям і традыцыям, тым болей, што носьбітамі іх зьяўляюцца яе бацькі, блізкія ёй людзі, дзяўчына знаходзіць у сабе сілы, каб не падпарадкавацца волі бацькоў.
Hide player controls
Hide resume playing