Толькi ў сэрцы трывожным пачую За краiну радзiмую жах, - Ўспомню Вострую Браму сьвятую I ваякаў на грозных канях. У белай пене праносяцца конi, - Рвуцца, мкнуцца i цяжка хрыпяць... Старадаўняй Лiтоўскай пагонi Не разьбiць, не спынiць, не стрымаць. У бязьмерную даль вы ляцiце, А за вамi, прад вамi - гады. Вы за кiм у пагоню сьпяшiце? Дзе шляхi вашы йдуць i куды? Мо яны, Беларусь, панясьлiся За тваiмi дзяцьмi уздагон, Што забылi цябе, адраклiся, Прадалi i аддалi ў палон? Бiйце ў сэрцы iх - бiйце мячамi, Не давайце чужынцамi быць! Хай пачуюць, як сэрца начамi Аб радзiмай старонцы балiць... Мацi родная, Мацi-Краiна! Не усьцiшыцца гэтакi боль... Ты прабач, ты прыймi свайго сына, За Цябе яму ўмерцi дазволь! Ўсё лятуць i лятуць тыя конi, Срэбнай збруяй далёка грымяць... Старадаўняй Лiтоўскай пагонi Не разьбiць, не спынiць, не стрымаць.
Hide player controls
Hide resume playing