Сяргей Календа, пісьменнік, рэдактар, стыліст, чытае верш Петруся Броўкі “Пахне чабор“ (1957). #незагаснуцьзоркіўнебе - паэтычная хрэстаматыя да 90-годдзя заснавання Саюза беларускіх пісьменнікаў 👉 Усе творы 🔳 Сяргей Календа — літаратар і рэдактар, нарадзіўся ў Капылі ў 1985 годзе. Скончыў факультэт міжнародных адносін БДУ па спецыяльнасці культуролаг-гебраіст. Аўтар кніг для дзяцей і дарослых, рэдактар і ўкладальнік часопіса сучаснай беларускай прозы і мастацтва “Макулатура”, рэдактар часопіса “Мінкульт”. Часам выступае пад псеўданімам Аляксандр І. Бацкель. Лаўрэат прэміі “Празрысты Эол 2018” за найлепшую электронную кнігу. Узнагароджаны прэміяй “Выбар Святланы Алексіевіч” у фінале прэміі імя Ежы Гедройца 2019. 🔲 Пятрусь Броўка (1905-1980) — беларускі грамадскі дзеяч, пісьменнік, перакладчык і драматург, Народны паэт Беларусі. Паходзіў з беднай сялянскай сям’і з Ушаччыны. У 15-гадовым узросце пачаў пісаць як селькар у павятовую прэсу. Працаваў у газэце “Чырвоная Полаччына”, уступіў у тамтэйшую філію “Маладняка”. Вучыўся ў БДУ і перад вайной пачаў працу ў часопісе “Полымя”. На вайну пайшоў добраахвотнікам, працаваў у ваеннай прэсе. З 1943 — адказны сакратар праўлення СП БССР, а з 1945 у другі раз прызначаны галоўным рэдактарам “Полымя“. Дэбютаваў у 1926 г. Паэтычны талент Петруся Броўкі дасягнуў вяршыні ў 1960—1970-я. Літаратурныя здольнасці, вядомасць і грамадская актыўнасць зрабілі яго адным з самых тытулаваных і заўважных пісьменнікаў свёй пары: Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1959), Лаўрэат прэміі БССР імя Янкі Купалы (1960), Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) і інш. Нягледзячы на відавочную кан’юнктурнасць многіх ягоных твораў, ён усё ж застаецца ў гісторыі беларускай літаратуры як таленавіты лірык. #беларускаялітаратура #пятрусьброўка Хіба на вечар той можна забыцца? ...Сонца за борам жар-птушкай садзіцца, Штосьці спявае пяшчотнае бор, Пахне чабор, Пахне чабор... Лёгкія крокі на вузкай сцяжынцы. Дзеўчына ў белай іскрыстай хусцінцы, Быццам абсыпана промнямі зор. Пахне чабор, Пахне чабор... Выйсці б насустрач, стаць і прызнацца. Вось яно - блізкае, яснае шчасце, Клікнуць хацелася - голас замёр. Пахне чабор, Пахне чабор... Год адзінаццаць, а можа, дванаццаць Сэрца баліць, што не здолеў спаткацца. Сэрца нязменна хвалюе дакор. Пахне чабор, Пахне чабор... Час той схаваўся за дальняй гарою, Здасца хвілінай - яна прада мною... Выйду. Гукаю. Маўклівы прастор. Пахне чабор, Пахне чабор...
Hide player controls
Hide resume playing