Гуслі і спеў: Алесь Чумакоў Запіс: Ягор Юрчык Звядзенне і мастэрынг: Павел Сініла Ідэя кліпа: Дзядзя Толя (Анатоль Лешчанка), Алесь Чумакоў, Аляксей Смык. Рэжысура: Аляксей Смык, Дзядзя Толя (Анатоль Лешчанка). Мантаж: Аляксей Смык. Вялікі дзякуй за дапамогу ў стварэнні кліпа: - Музею гісторыі горада Гомеля; - «Гомельскаму абласному габрэйскаму дабрачыннаму цэнтру «Хэсэд Батья»; - Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы ім. У. І. Леніна. Gdzie jest mój Homel? (верш: Elżbieta Kuryło, музыка: Andrzej Zarycki) Пераклад: Сяржук Сокалаў-Воюш Мой любы Гомель Як ты жывеш, спадару Пфайфер? Бо я зусім ня прагну жыць. Усё тут стала кепскім жартам Ніхто штаноў ня хоча шыць. Даруй, каму яшчэ напішаш Няма да вас шляхоў лістам А у грудзёх такая ціша Бо сэрца я пакінуў там – Дзе ён – мой Гомель, мой любы Гомель Дзе месячык на дахах спаў. Яго я назаўжды запомніў Хоць ледзь ня цэлы сьвет спазнаў. Дзе ён – мой Гомель, мой любы Гомель Дзе бэзу пах і Сожу плынь, Мястэчка, што было мне домам Цяпер як сон, як успамін. Як падрастаюць Лейба й Ружа? Твае малыя проста цуд... А пра сябе пісаць дык выдаць Паперы трэба цэлы пуд Ці штось вядома пра Фенюсю? Ці Шацман зь ёй пабраўся ці? Спадару Пфайфер, я ў спакусе Да ейнай хаты зноў пайсьці Дзе ён – мой Гомель, мой любы Гомель Нас лёс нядобры разьяднаў Цябе я назаўжды запомніў Хоць ледзь ня цэлы сьвет спазнаў. Дзе ён – мой Гомель, мой любы Гомель Дзе бэзу пах і Сожу плынь, Мястэчка, што было мне домам Цяпер як сон, як успамін. Усё губляю па чарзе я... (Цячэ сьляза праз небыцьцё) Без абяцанкаў і надзеі Згубіла сэнс маё жыцьцё. Яшчэ скажу на разьвітаньне: Клюб домаўласьнікаў люблю І шчыра-шчыра прывітаньне Я вам, спадару Пфайфер шлю... --- Песня “Gdzie jest mój Homel?“ - загалоўная песня з музычнага спектаклю Тадэвуша Квінты паводле геніяльнага раману Ільлі Эрэнбурга “Бурлівае жыццё Лазіка Ройтшванеца“. Жахлівая але з гумарам і іроніяй распаведзеная Эрэнбургам гісторыя краўца, якога “лёс нядобры раз'яднаў“ з родным Гомелем, раз'яднаў з прыгажуняй Фенечкай Гершэновіч, - і павёў паўз паў свету: савецкія Украіну і Расію, Польшчу, Нямеччыну, Францыю, Англію - і давёў ажно да габрэйскай Палестыны. На сваім шляху, у кожнай размове, пры любой нагодзе, Лазік не можа не ўзгадаць Гомель і ўрэшце напрыканцы раману, з Англіі, - піша ліст у Гомель спадару Пфэйферу (Пфайферу ў польскай версіі). ... Дзядзя Толя (Анатоль Лешчанка) - знаўца спецый і пернасцяў, які сярод сваіх шэдэўральных сумесяў ужо падараваў беларусам традыцыйную сумесь для беларускай кухні “Зубрыны луг“. Зараз ён узяў на сябе задачу адрадзіць смак старой Гомельскай кухні, дзе напачатку дваццатага стагоддзя змяшаліся некалькі нацыянальных кухняў і цалкам мог узнікнуць гэты кулінарны шэдэўр: крапіва, шышкі хмелю, рудніковая соль (патрэбная, каб раскрыць водары пернасцяў), хрэн, мацярдушка, любіста, чабор, кмен, кроп, фенхель, мята, базілік, каляндра, перац чылі, гваздзік, імбір, мушкатовы арэх, куркума, духмяны перац, карыца, аніс. Сумесь будзе называцца: “Мой любы Гомель“ (“Kochany Homel“) З дапамогай майго сябра паэта Сяржука Сокалава-Воюша з'явілася беларуская версія песні ў выкананні пад гуслі. Таленавіты фотамастак і творца з Гомелю - Аляксей Смык - з дапамогай Дзядзі Толі зрабіў неверагодную працу па пошуку і сюжэтнай кампаноўцы фотаматэрыялаў з гісторыі Гомеля. Прыемнага прагляду і... Смачна есці!
Hide player controls
Hide resume playing