Паўстань з народу нашага, пясняр, Былых і будучых вякоў баян, І ў бурны кліч, як буры ўдар, З віхрамі загудзі пад звон кайдан! Гудзі над Беларусяй з краю ў край, У сэрцах спячых распалі пажар, Над курганамі перуном зайграй! Збудзіць нябожчыкаў паўстань, пясняр! Паўстань з народу нашага, ваяк, І волатам на вогненным кані Народ аграблены — бы з торб жабрак За Бацькаўшчыну павядзі ў агні! Да хвалы шлях айчыне пакажы, Змяці з палёў яе чужых бадзяк, На стражы стань гранічнае мяжы... Свой край заваяваць паўстань, ваяк! Паўстань з народу нашага, Ўладар, Адбудаваць свой збураны пасад, Бо твой народ забыў, хто гаспадар І хто яго абдзёр з каронных шат. На Ўладара жджэ Беларусь даўно, І жджэ цябе ўладарства Божы дар, Вялікае, магутнае яно... Пад беларускі сцяг прыйдзі, Ўладар! Янка Купала, 1919
Hide player controls
Hide resume playing