Са святам Калядаў! Што для меня праваслаўныя Каляды? Памятаю, што заўсёды ў нашай сям'і ў Мінску альбо ў бабулі ў Смалявіцкім раёне ўвечары 6 студзеня, калі з'яўляецца на небе першая зорка, збіраліся за вячэрай і галоўнай стравай падчас гэтай вячэры была “бедная“ Куцця, а “багатую“ Куццю падавалі на наступны дзень, на свята 7 студзеня. Заўсёды гэта традыцыя 12 страў, гэта посная ежа і, вядома ж, талерка для нечаканага госця. Але сёння ў нашых сем'ях гэтая талерка для вельмі чаканых гасцей – людзей, якія знаходзяцца за кратамі. І ў маім доме гэта месца будзе для майго стрыечнага брата Анатоля Латушкі, які з'яўляецца палітвязнем. Куцця – гэта тое, што аб'ядноўвае нас усіх за вялікім святочным сталом. Я ўзгадваю таксама вельмі моцныя традыцыі на Беласточчыне, там, дзе пражывае вялікая колькасць прадстаўнікоў беларускай этнічнай меншасці і, дзякуючы ім, захоўваюцца праз стагоддзі беларускія і праваслаўныя традыцыі. Асабліва, я памятаю, мяне ўразіла, калісьці 6 студзеня я ехаў праз Гайнаўку, гэта сталіца аднаго з паветаў на Беласточчыне, і ўбачыў, як жыхары везлі ялінкі на даху аўтамабіля, каб паставіць у сябе дома. Менавіта шостага ўвечары, напярэдадні свята, у дамах на Беласточчыне ставяць ялінкі. А сёмага з самай раніцы стукаюцца калядоўшчыкі. Я ўзгадваю, што аднойчы, калі я быў у гасцях у адной беларускай сям'і на Беласточчыне, з калядкамі завіталі каля 140 калядоўшчыкаў! І Новы год святкуюць па старым стылі з 13 на 14 студзеня. Гэта камусьці можа здацца дзіўным, але гэта тое, што звязана з нашымі каранямі, з продкамі. І нам, беларусам, вельмі важна ў гэтыя святы памятаць нашыя беларускія і сямейныя традыцыі і карані. Яшчэ ўзгадваю час свайго дзяцінства, калі мае бацькі разам са сваімі сёстрамі і братамі на вёсцы хадзілі калядаваць, як апраналі навыварат дублёнкі і нават здымалі брамы ў суседзяў. Гэта такія цёплыя і добрыя ўспаміны з майго дзяцінства са Смалявіцкага раёна. Нядаўна прачытаў, што, аказваецца, беларусы, сярод усіх славянскіх народаў – адны з тых, хто найбольш захавалі свае традыцыі. І ў гэтым нашая сіла, сіла беларускага народа, які павінен перажыць гэтую жудасную навалу сённяшніх дзён. Я веру ў тое, што гэтыя святы прынясуць цеплыню ў нашыя дамы, хоць бы на некалькі імгненняў, і падораць нам галоўнае – надзею і веру ў змены, якія мы павінны дасягнуць усе разам. З надыходзячымі вас Калядамі! І не забудзьцеся прыгатаваць Куццю! Калі ў вас ёсць магчымасць і жаданне падтрымаць працу каманды НАУ: Нашы сацыяльныя сеткі: Павел Латушка: Telegram: Instagram: YouTube: YouTube PL: Twitter: Facebook: Viber: TikTok: Народнае антыкрызіснае ўпраўленне: Telegram: Instagram: YouTube: Twitter: Facebook: Сайт: TikTok: #беларусь #латушка #традыцыі Традыцыі маёй сям'і
Hide player controls
Hide resume playing