Вось яны, прывольныя прасторы Роднае зямлі спакон вякоў!.. Паабапал збожжавае мора Ледзь не хлыне на бальшак з бакоў. Па-над абеліскамі-слупамі Дуб-асілак з гордай галавой, Тройчы расстраляны перунамі, Выглядае вежай вартавой. А як пеўні выклічуць світанне, Разам з дбайным сонцам аглядаць Гэтыя бяскрайнія ўладанні Бусел падымаецца з гнязда. Апячэ дзяўчына ранкам буднім Ногі аб расу на мураве, Ледзяной вады глыне са студні І курлыкне хрыпла журавель. Калі бачыў ты, як тут шугае Бэз ліловы полымем ля хат, Ад якога сполахі мільгаюць Ў шыбах вокан і ў вачах дзяўчат; Як кіпіць перад пачаткам лета Квецень перагрэтая садоў І ружовай пенай белацвету Пырскае на разамлелы дол; Калі чуў, як салаўі тут хорам, Захлынаючыся ад красы, Прапалоскваюць, бы лудзяць, горлы Срэбнымі крупінкамі расы; Калі звечара пасля змяркання Адчуваў, душою малады, Як у сэрцах спее тут каханне, А ў садах – духмяныя плады; Калі бачыў, як, святлом барвовым Азарыўшы да вяршынь лясы, Незгасальным полымем ліловым Тут гараць увосень верасы; І калі не днямі, а гадамі Адчуваў ты зблізку і здаля, Як тут хлебам, мёдам і грыбамі Пахне навакол сама зямля,– Зразумееш ты тады, магчыма, Не пражыць чаму мне без яе І чаму усё тут прад вачыма У ружовых фарбах паўстае. Мікола Аўрамчык
Hide player controls
Hide resume playing